На свеце ёсць зямель багата,

Але што нам да іх красы?

Там лепей, родная дзе хата,

Знаёмы лес і верасы.

Плыве пах кветак і жывіцы

Не сціхне песня салаўя.

Дазволь жа нізка пакланіцца,

Табе, бацькоўская зямля!

 

Родная вёска… Якая яна? Самая прыгожая, самая жаданая і светлая. Тут самае высокае неба і духмяныя кветкі, самы звонкі птушыны спеў і зялёныя сенажаці. Родная вёска – гэта родны дом, карані, матуліна песня, шчырыя і спагадлівыя суседзі. Свята “Зямля, дзе пачаўся твой лёс” адбылося 20 лістапада 2021 года ў аграгарадку Варанцэвічы, прысвечанае 520-годдзю вёскі Варанцэвічы.

Даведка:

Першае пісьмовае ўпамінанне аб Варанцэвічах адносіцца да 1501 года як сяле ў складзе Вялікага княства Літоўскага, а з 1569 года – Рэчы Паспалітай. Сёння вёска, дзе пражывае звыш 300 чалавек, – цэнтр сельгаспрадпрыемства ААТ “Камсамольская праўда”. Вёска багатая на гісторыю, адметная сваімі людзьмі, цікавымі лёсамі.

Свята ладзілася сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў сельскага дома культуры і мясцовай бібліятэкі. Былі арганізаваны шматлікія фотазоны, а таксама аформлена выстава народных майстроў вёскі “У нашых хатах майстры жывуць” і фотавернісаж “Сяло Варанцэвічы і яго жыхары”.

Бібліятэкарам былі арганізаваны кніжныя выставы “За адзіную Беларусь” і “Тут нашы карані”, дзе быў прадстаўлены багаты краязнаўчы матэрыял аб гісторыі роднай вёскі і знакамітых земляках. Тэматычныя папкі змяшчаюць матэрыялы аб жыхарах і працаўніках вёскі, летапісы сямей, якія пражывалі і жывуць у вёсцы, успаміны былых партызан і інш.

Напрыканцы свята усіх прысутных частавалі сваімі прысмакамі удзельніцы народнага клуба “Пачастункі з Варанцэвіч”.

 zamlya dze les 1

zamlya dze les 2

zamlya dze les 3