З мэтай выхавання ў юных чытачоў любові да роднай мовы і развіцця моўнай культуры 21 лютага 2023 года ў гарадской дзіцячай бібліятэцы для вучняў 9 “Б” класса ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Талачына імя М.П.Лугоўскага” праведзены турнір мовазнаўцаў “Ад зерня – колас, ад слова – мова”. Удзельнікі турніру з цікавасцю адказвалі на пытанні, разгадвалі загадкі, перакладалі словы на беларускую мову, разгадвалі філворд, адгадвалі зашыфраваныя на малюнках фразеалагізмы і растлумачвалі іх значэнне, пазнавалі партрэты беларускіх пісьменнікаў, адгадвалі мелодыі беларускіх выканаўцаў.
“Беларуская кніга – гэта цікава!”
Ушанаванню роднай мовы былі прысвечаны мерапрыемствы, якія ладзіліся 21 лютага 2023 года ў Звянячскай сельскай бібліятэцы.
Аматары чытання кніг на роднай мове былі запрошаны на гадзіну літаратурнага гурмана “Беларуская кніга – гэта цікава!”. Прысутным было прапанавана разнастайнае “меню” – творы беларускіх класікаў Я.Коласа, І.Мележа, І.Шамякіна, У.Караткевіча, В.Быкава; даспадобы прысутным прыйшліся творы сучасных беларускіх аўтараў Я.Хвалея, С.Алексіевіч, Г.Марчука, Л.Рублеўскай, Т.Мушынскай; на “дэсерт” удзельнікі мерапрыемства “частаваліся” паэтычнымі зборнікамі У.Карызны, М.Башлакова, З.Марозава, А.Пісьмянкова.
У гэты ж дзень у бібліятэцы праводзілася віктарына “Смак роднай мовы”. Падчас яе правядзення ўдзельнікі адгадвалі беларускія загадкі, “апраналіся” па-беларуску, “збіралі” беларускі кветкавы букет.
Праверыць свае веды роднай мовы і літаратуры чытачы змаглі прыняўшы ўдзел у тэст-віктарыне “Я родную мову люблю”.
“Да роднай мовы крок зрабі”
У Гаршчэўшчынскай сельскай бібліятэцы да святкавання дня роднай мовы далучыліся малодшыя школьнікі. Для гэтай катэгорыі чытачоў 21 лютага 2023 года праведзены ўрок-гульня “Да роднай мовы крок зрабі”, падчас правядзення якога навучэнцы прымалі ўдзел у конкурсах: “Размінка”, “Загадкі з Белавежскай пушчы”, “Перакладчыкі”, “Гарады Беларусі”, “Хуткамоўкі”, “Угадай мелодыю”, “Літаратурная хвілінка”. У канцы мерапрыемства бібліятэкар прапанавала прысутным зрабіць аплікацыю “Усмешка роднай мовы” з фрагментаў беларускага арнаменту. Дапоўніла мерапрыемства кніжная выстава “Беларускія кнігі – дзецям”.
“Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова”
У Азерацкай сельскай бібліятэцы праведзена акцыя “Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова”, прысвечаная міжнароднаму дню роднай мовы. Падчас правядзення акцыі вучні сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту выконвалі арфаграфічныя заданні “Гавары правільна”, “Выправі памылку”, “Фразеалагічныя загадкі”, а таксама знаёміліся з выданнямі, экспанаванымі на тэматычнай выставе “Роднаму слову прызнанне ў любві”.
У Аболецкай сельскай бібліятэцы да дня роднай мовы праведзена акцыя “Чытаем па-беларуску”. Мэта акцыі - прыцягнуць маладое пакаленне да чытання кніг на беларускай мове.