ДУК “ТАЛАЧЫНСКАЯ ЦБС”

Аддзел абслугоўвання і інфармацыі

  

КРАЯЗНАЎЧЫ КАЛЯНДАР

Талачыншчыны  на 2018 год

 

У 2018 годзе спаўняецца:

940 гадоў таму (1078г.) упершыню згадваецца Друцк у летапісах.

585 гадоў таму (1433г.) упершыню быў упамянуты горад Талачын як горад ВКЛ на рацэ Друць.

165 гадоў таму (1853г.) пабудаваны Талачынскі Антоніеўскі касцёл з цэглы ў гонар перамогі ў вайне 1812 г. З’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму.

150 гадоў таму (1868г.) адкрыта Коханаўская сярэдняя школа імя І.П. Кожара. Адкрыта ў доме валаснога праўлення як аднакласнае народнае вучылішча. Спецыяльны будынак пастаўлены арцеллю дойлідаў на чале з Канстанцінам Васілевічам Былінскім.

130 гадоў таму (1888г.) Барысаў камень каля в. Высокі Гарадзец даследаваў беларускі этнограф, фалькларыст, археолаг Е.Р. Раманаў.

У зборніку «Старажытнасці: Працы імператарскага Маскоўскага археалагічнага таварыства» (Т. 13, в. 1. М, 1889, на рус. мове) ён пісаў: «Па знешняму выгляду камень уяўляе сабой глыбу чырвонага граніту квадратнай формы з няправільнымі вугламі; заходні, правы вугал амаль не мае слядоў апрацоўкі. Чатырма бакамі сваімі камень размешчаны да чатырох бакоў свету, і даволі правільна. Цяжарам сваім ён уціснуў зямлю на 1/2 аршына і ўзвышаецца над узроўнем ямы на 1 арш. 2 вяршкі. 3 бакоў камень даў моцныя расколіны ў гарызантальным напрамку, асабліва ў заходняй частцы. Паверхня гарызантальная і амаль гладкая, але ў некаторых частках укрыта мохам, дзе-нідзе рассыпаецца жарствою, а паўночная частка паверхні сколата, у шырыню, ад краю, на 2—3 чвэрці, у глыбіню на 2—3 вяршкі. Увогуле, паверхня моцна папсавана, між іншым, і ад таго, што начлежнікі, якія пасвяць коней, паляць на камені свае вогнішчы.

Пры ўсім тым, лёгка можна заўважыць, што ва ўсю даўжыню каменя высечаны васьміканцовы крыж. Контур крыжа ў некаторых частках бачны выразна, у іншых ён зусім згладжаны... Вакол крыжа, па краях паверхні каменя, высечаны буйныя (некаторыя да 5 вяршкоў) славянскія літары» (с. 192—193).

120 гадоў таму (1898 г.)  над Барысавам каменем была пабудавана капліца. У 1936 г. камень узарваны.

110 гадоў таму (1908г.) з процілеглага паўднёва-ўсходняга боку на восі дома ў Галошава ў сядзібна-паркавым ансамблі Цюндзявіцкіх пабудавана доўгае аднапавярховае памяшканне з двухпавярховым франтонам, якое заніравала (заніраваць — размяшчаць па зонах) парадны двор. Ен вялікі, адкрыты, з панарамнымі перспектывамі.

100 гадоў таму (1918г.) на тэрыторыі Талачынскага раёна дзейнічала Коханаўская земская бальніца на 10 месцаў.

80 гадоў таму (1938г., чэрвень) мясцовая раённая газета раёнка выходзіла пад назвай “Чырвоны хлебароб”.

70 гадоў таму (1948г.) Варанцэвіцкая сярэдняя школа стала  дзесяцігадовай. 3 1939 г. школа была васьмігадовай.

45 гадоў таму (1973г.) заснавана раённая праграма радыёвяшчання Талачынскае раённае радыё.

40 гадоў таму (1978г.) народны тэатр мініацюр пры Талачынскім ГДК атрымаў званне “народны”. Створаны ў 1962 годзе. Дыпламант Другога Міжнароднага фестывалю-конкурсу сатыры і гумару на кубак Аркадзія Райкіна ў г. Рыга. Штогод калектыў прымае ўдзел у Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

35 гадоў таму (1983г.) народнай кінастудыі "Летапіс" пры Талачынскім ГДК  прысвоена званне "народная".

35 гадоў таму (1983г.) базе Крыўлянскага сельскага клуба Талачынскага раёна створаны народны фальклорны  калектыў  "Суседзі"  Аболецкага  ДФ.

25 гадоў таму (1993г.) ў г.п. Коханава адкрыты і функцыяніруе фізкультурна-спартыўны комплекс “Пульс”.

15 гадоў таму (2003г.) калгас «Камсамольская праўда» Талачынскага раёна пераўтвораны ў сельскагаспадарчы кааператыў.

15 гадоў таму (2003г.) створаны Талачынскі райаграсэрвіс як ААТ на базе КУП «Талачынская райаграпрамтэхніка».

15 гадоў таму (2003г.), снежань, прадпрыемства СП “Святавіт” (г.п. Коханава) атрымала сертыфікат сістэмы менеджмента якасці на адпаведнасць патрабаванням міжнароднага стандарта ISO 9001.

10 гадоў таму (2008г.) прысвоена  ганаровае  званне  "узорны"  харэаграфічнаму калектыву "Каханачка"   ДУА "Каханаўская дзіцячая школа мастацтваў".  Кіраўнік –  Юшкевіч  Наталля  Паўлаўна. 

10 гадоў таму (2008г.), студзень, Талачынскі масларобчы завод з’яўляецца філіялам ОАО "Лепельскі малочнакансервавы камбінат“. Пабудаваны ў 1957 годзе

5 гадоў таму (2013г.) ў Коханаўскім прафесійна-тэхнічным  ліцэі ўпершыню падрыхтавалі  машыністаў землярыйных машын.  Ліцэй таксама ажыццяўляе перападрыхтоўку спецыялістаў-меліяратараў.

ПЕРСАНАЛІІ

125 гадоў таму (1893г., 2 верасня) нарадзіўся Рыжыкаў Іосіф Іванавіч (1893–1979), партыйны і дзяржаўны дзеяч Беларусі, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ураджэнец вёскі Рацава Талачынскага раёна.

125 гадоў таму (1893г.) нарадзіўся Шульгоўскі Фёдар Несцеравіч (1893– 1968), генерал-лейтэнант інжынерна-тэхнічнай службы, дацэнт, удзельнік грамадзянскай вайны 1918–1920 гг. Ураджэнец г. п. Коханава Талачынскага раёна.

115 гадоў таму (1903г., 10 лютага) нарадзілася Галубцова Вольга Сямёнаўна (1903–1974), Герой Сацыялістычнай Працы. У 1926–1961 гг. – даярка племзавода «Реканструктар» Талачынскага раёна. Ураджэнка в. Свіслачаны Гродзенскага павета.

110 гадоў таму (1908г., 27 снежня) у в. Серкавіцы Талачынскага раёна нарадзілася Осіпава Марыя Барысаўна  (1908–1999), Герой Савецкага Саюза. Сувязная партызанскіх атрадаў, арганізатар падпольнай групы ў Мінску.

75 гадоў таму (1943г., 29 кастрычніка) Осіпавай Марыі Барысаўне  прысвоена званне Героя Савецкага Саюза

110 гадоў таму (1908г.) Якуб Колас працаваў настаўнікам у в. Сані Талачынскага раёна

105 гадоў таму (1913г., 15 лютага) нарадзілася Марозава Анастасія Ягораўна (1913), Герой Сацыялістычнай Працы, былая даярка племсаўгаса «Рэканструктар» Талачынскага раёна. Ураджэнка вёскі Паляны Лепельскага раёна.

95 гадоў таму (1923г., 27 сакавіка) нарадзіўся Алесь (Аляксей Іванавіч) Рылько (1923–1967), пісьменнік. У Вялікую Айчынную вайну –  партызан атрада «Перамога» брыгады К. Заслонава. Ураджэнец в. Рыдамля Талачынскага раёна

95 гадоў таму (1923г., 19 красавіка) нарадзіўся Целешаў Яўген Міхайлавіч (1923–1997), Герой Савецкага Саюза. У Вялікую Айчынную вайну з 1942 г. – на Варонежскім, 1-м Украінскіх франтах. Ураджэнец пасёлка Забайкал Талачынскага раёна.

75 гадоў таму (1943г., 23 кастрычніка) Целешаў Яўген Міхайлавіч (19.04.1923-29.03.1997) удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Камандзір стралковага аддзялення сяржант Целешаў вызначыўся ў верасні 1943 года пры фарсіраванні Дняпра на поўдзень ад Кіева. Ураджэнец вёскі Забайкал Талачынскага раёна

85 гадоў таму (1933г., 4 красавіка) нарадзілася Навумава Лідзія Андрэеўна, Герой Сацыялістычнай Працы, былая старшыня калгаса «Перамога» Талачынскага раёна. Ураджэнка в. Новабеліца (цяпер у рысе Гомеля).

85 гадоў таму (1933г.) нарадзіўся Буевіч Вітольд Палікарпавіч, Заслужаны работнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, урач. Ураджэнец вёскі Забалацце Талачынскага раёна.

70 гадоў таму (1948г., 23 кастрычніка) нарадзіўся Гіруцкі Анатоль Антонавіч, беларускі мовазнавец, пісьменнік, доктар філалагічных навук, прафесар, ураджэнец вёскі Смаляны Талачынскага раёна.

75 гадоў таму (1943г., 17 кастрычніка) Макавецкі Фёдар Яфрэмавіч (25.02.1899-07.05.1974) удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Удзельнік  Сталінградскай і Курскай бітваў, вызначыўся пры фарсіраванні Дзісны і Дняпра на поўнач ад Кіева. Ураджэнец вёскі Багданаўка Талачынскага раёна

75 гадоў таму (1943г., 14 лютага) Сычэнка Пётр Фёдаравіч (06.06.1911-25.06.1969) удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Удзельнік баёў пад Масквой, Сталінградам, Курскам. Камандзір штурмавой эскадрыллі. Ураджэнец вёскі Новае Заазер’е Талачынскага раёна

65 гадоў таму (1953г., 11 ліпеня) нарадзілася Кабакова (Бязніцкая) Ларыса Віктараўна, беларуская спартсменка (веславанне на байдарках), заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіёнка свету і Еўропы, ураджэнка в. Вугалеўшчына Талачынскага раёна.

60 гадоў таму (1958г.) Барадаўка Іван Міхайлавіч (1925г.)  удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы. З 1945 г. – брыгадзір трактарнай брыгады Талачынскай МТС.  Ураджэнец вёскі Зялёная Талачынскага раёна.

60 гадоў таму (1958г.) Кароткая Валянціна Пракопаўна  (1924г.)  удастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы. Звеннявая па вырошчванні лёну ў калгасе “ХVIII партз’езд” (сёння СПК “Азерцы-Агра”). Ураджэнка вёскі Вугалеўшчына Талачынскага раёна.

Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1958 г. за поспехі ў павелічэнні вытворчасці сельскагаспадарчых прадуктаў і ўкараненне ў вытворчасць дасягненняў навукі і перадавога вопыту. Узнагароджана ордэнам Леніна, медалямі.

50 гадоў таму (1968г., 14 верасня) нарадзіўся Сасімовіч Уладзімір Мікалаевіч, спартсмен і трэнер (лёгкая атлетыка, кіданне дзіды). Майстар спорта СССР міжнароднага класу. Ураджэнец в. Ільінка Талачынскага раёна.

                                                                                          Складальнік:  бібліёгаф ЦБС Труханёнак І.А.

                                                                                          Снежань 2017г.